Далучэнне дашкольнікаў да вытокаў народнай культуры
з дапамогай малых формаў фальклора
У працэсе папулярызацыі нацыянальнай культуры і фарміравання самасвядомасці важнае месца належыць фальклору - асноўнаму багаццю нашых продкаў, дзякуючы якому захоўваецца пераемнасць традыцый, ажыццяўляецца сувязь пакаленняў. Беларускі народ мае багатую фальклорную спадчыну, створаную спецыяльна для дзяцей.
Вельмі добра падыходзіць музычны фальклор, які па сваей прыродзе пранізаны элементамі народнага тэатра, гульнямі, пантамімай. Падбіраючы для працы з дзецьмі найбольш эфектыўныя формы, метады і сродкі, трэба ўлічваць, што працэс фарміравання нацыянальнай самасвядомасці доўгі і складаны, і пачынаць яго трэба перш за ўсе з азнаямлення з родным краем, непасрэдна ўключаючы сродкі вуснай народнай творчасці.
У першай і другой малодшых групах, праводзячы назіранні за прыгажосцю роднай прыроды, неабходна чытаць вершы, забаўлянкі, загадкі неабходна адраджаць выкарыстанне твораў вуснай народнай творчасці (казак, забаўлянак, калыханак, песен, гульняў) у час рэжымных момантаў, у сям’і.
Пры планаванні работы з дзецьмі сярэдняй і старшай груп выкарыстоўваюцца розныя формы:
пазнавальныя гутаркі ў вольнай форме,
сумесная дзейнасць педагога з дзецьмі;
самастойная дзіцячая дзейнасць;
гульні, тэматычныя прагулкі і экскурсіі;
назіранні ў прыродзе;
святы і забавы.
Малыя фальклорныя жанры - мініяцюрныя паэтычныя творы, створаныя для дзяцей, якія маюць канкрэтны педагагічны кірунак. Яны ўпрыгожваюць мову, робяць яе вобразнай і прыгожай, прыцягваюць увагу дзяцей. Забаўлянкі, пястушкі прыносяць радасць дзецям, выклікаюць у іх жаданне паўтараць словы за дарослымі, выконваць заданні выхавальніка, удзельнічаць у агульных гульнях.
Пястушкі выкарыстоўваюцца ў розных рэжымных момантах: пад гукі гэтых вершаў і песень дзеці ахвотна мыюцца, прымаюць ежу, займаюцца. Жыццё дзіцяці становіцца цікавейшым, ярчэйшым, а ў яго самога лепш развіваюцца памяць, мысленне, увага, маўленне, а калі яно выконвае канкрэтныя рухі, то развіваюцца каардынацыя, узгодненасць, спрытнасць. У час расказвання пястушкі спярша выкарыстоўваецца нагляднасць, потым тлумачыцца сэнс новых слоў, улічваюцца вопыт і веды дзяцей.
Калыханкі - першыя для дзяцей ўзоры мастацкага слова. Навакольны свет у іх падаецца ў вобразах, даступных і зразумелых.
Ходзіць кот па сенажаці. Кліча сон ён ля дзіцяці.
Ой, сонечку-галубочку, Прыспі маю Волечку.
У беларускім фальклоры шмат прыказак і прымавак. Дзеці з цікавасцю успрымаюць іх кароткі змест. Многія прыказкі і прымаўкі маюць павучальнае значэнне: яны ўсхваляюць працавітасць, гаспадарлівасць, умельства, вучаць любіць родны край, Радзіму, асуджаюць гультайства, зайздрасць. Падбіраюцца яны па канкрэтнай тэме: пра Радзіму, працу, хлеб, навуку, поры года, з’явы прыроды, народныя прыкметы.
Павучальнасць прыказак і прымавак усведамляецца дзецьмі паступова, і глыбіня іх у большай ступені залежыць ад таго, наколькі часта выкарыстоўваюцца яны ў патрэбных момантах. Асабліва часта выхаванцы прымяняюць іх у працоўнай дзейнасці, пры выкананні адказных даручэнняў.
Загадка – кароткае паэтычна-вобразнае апісанне прадмета або з’явы, якое даецца, як правіла, у форме пытання і адгадваецца па другарадных адзнаках, па прыкметах падабенства. Лічыцца, што галоўная функцыя загадкі – развіваць ў чалавека мастацка-вобразнае мысленне, паэтычны погляд на рэчаіснасць. У мінулым загадка служыла сродкам выпрабавання разумовых здольнасцей, іншасказальная, загадкавая форма з поспехам выкарыстоўвалася ў ваенных і пасольскіх справах. Загадкі, песні-загадкі надзвачай шырока ўжываліся ў вясельных абрадах. Каштоўнасць традыцыйнай загадкі ў тым, што яна ў высокапаэтычнай форме адлюстроўвае гаспадарчую і творчую дзейнасць чалавека, яго жыццёвы вопыт, побыт, працу, жывёльны, раслінны свет, будову сусвету і да нашых дзён мае вялікае эстэтычна-мастацкае значэнне для выхавання дзяцей.
Загадкі: Без кораня, а расце. (Камень) Без ног бяжыць, без воч глядзіць. (Вада) Лата на лаце, ніткі не знаці. (Капуста) Цераз мяжу брат брата не бачаць. (Вочы)
Яркую акрэсленую выхаваўчую накіраванасць маюць беларускія народныя песні. Праз іх тэксты, лексіку дзеці ўзбагачаюць уяўленні аб наваколлі, прыродных з’явах, знаёмяцца з прыладамі працы, беларускімі назвамі месяцаў, дзён тыдня, нацыянальнымі стравамі, значна пашыраецца актыўны слоўнік. Праз песню выхаванцы знаёмяцца з лепшымі рысамі характару беларусаў: шчырасцю, чуласцю, сціпласцю, уважлівасцю. Фальклорныя песні дапамагаюць развіццю эмацыянальнай сферы дзяцей, падрыхтоўваюць да выканання пэўных сацыяльных роляў. На музычных занятках выхаванцы знаёмяцца з асаблівасцямі беларускай народнай музыкі, развучваюць беларускія танцы, спяваюць песні, знаёмяцца з народным тэатрам “Батлейка”.
Заняткі па азнаямленні дзяцей з вуснай народнай творчасцю праходзяць цікава, калі да іх удзелу далучаюцца бабулі і дзядулі, артысты тэатра, супрацоўнікі музеяў, народныя майстры. Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу у адпаведнасці з патрабаваннямі вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, першаасновай народнай педагогікі лічыцца культ працы, умелых рук і разумення свайго месца ў прыродзе, таму працоўная дзейнасць, спалучэнне яе з творамі вуснай народнай творчасці дазволіць зацікавіць дзяцей сумеснай працай.
Усвядомленаму імкненню дзяцей да авалодання культурнымі эталонамі, ўзаемадзеянню ў калектыве спрыяюць арганізацыя з дзецьмі ісцэніровак па казках, фантазіраванне, прыдумванне гісторый, выкананне творчага задання. Малыя формы фальклора актыўна ўключаюцца ў вядучы від дзейнасці – гульню, гульню- драматызацыю. Гульні-драматызацыі даюць шырокі прастор для выяўлення ў дзяцей творчых здольнасцей, самастойнасці, ініцыятывы. Жывая інтанацыя маўлення, вобразныя і свабодныя рухі, міміка, жэсты надаюць гульням дзяцей натуральнасць і праўдзівасць. Гульня-драматызацыя аказвае ўплыў на развіццё выразнага беларускага маўлення, паколькі яна спалучае разам гульнёвую матывацыю і камунікатыўную накіраванасць. Дзеці старшай групы могуць драматызаваць творы як для сябе, так і для маленькіх гледачоў, для сваіх бацькоў. Да гульні-драматызацыі неабходна падрыхтаваць разам з дзецьмі атрыбуты, элементы касцюмаў. Выхавацель кіруе гульнёй, нагадвае і ўдакладняе змест казкі, сочыць за дакладнасцю вобразаў.
Вялікі выхаваўчы патэнцыял маюць народныя святы і абрады. Яны задавальняюць дапытлівасць дзяцей, іх эстэтычныя патрэбы, рухавасць, фарміруюць творчае мысленне, пабуджаюць да супрацоўніцтва, вучаць пазнаваць беларускую культуру. Поспех засваення мастацкіх твораў залежыць ад таго, наколькі яны зразумелыя дзецям і даюць магчымасць выконваць ролі адпаведных персанажаў, песні, суправаджаць спевы мімікай, рухамі. Калі для спеваў дзяцей малодшых груп найбольш даступным песенным матэрыялам з’яўляюцца калыханкі, забаўлянкі, невялікія песенькі, то асаблівае месца ў выхаванні дзяцей 5-6 гадоў займаюць песні, карагоды, гульні, якія дзеці вучаць для народных святаў і абрадаў.
Паспяховасць заняткаў па фарміраванні нацыянальнай самавядомасці сродкамі вуснай народнай творчасці магчыма дасягнуць з дапамогай эфектыўных метадаў і прыёмаў работы:
сюрпрызны момант, незвычайны пачатак;
праблемны характар становішча;
гульнёвыя прыёмы;
віктарыны, выставы адгадак;
выкарыстанне прыказак, прымавак, малых формаў беларускага фальклору для арганізацыі дынамічнай хвілінкі;
творчыя заданні : ”Намалюй, што ўявіў”, “Прыдумай сам”, “Упрыгож”;
хатнія заданні: “Пагуляй у дамашні тэатр”, “Спытай у бабулі”;
мультымедыйныя прэзентацыі;
тэматычныя віктарыны, вечарыны, кірмашы;
сумесныя з бацькамі святы.
Усё гэта дае магчымасць вырашаць задачы развіцця беларускага маўлення, раскрываць творчыя магчымасці дзяцей, фарміраваць цікавасць да народнай творчасці, у гульнёвай форме далучаць дзяцей да нацыянальнай культуры. Выкарыстанне ў працы з дашкольнікамі твораў вуснай народнай творчасці ажыўляе адукацыйны працэс, аказвае асаблівы ўплыў на выхаванне патрыятычных пачуццяў, нацыянальнай самасвядомасці. Выхоўваючы патрыёта, нацыянальна свядомага чалавека, фальклор адначасова задавальняе патрэбу дзіцячай душы ў гульні, жарце, асваенні свету.